Бухта адзінокага чалавека — страница 1 из 24


АЛЕСЬ КРЫГА



Раздзел першы


Рыбацкі пасёлак ахінула марозная смуга. Нібы блакітная заслона, яна ўзнімалася высока ўгору, дзе ледзь прыкметна свяціліся зоркі, звычайна яркія і буйныя ў палярных шыротах, а цяпер прывідныя і бляклыя, як і дрогкае зарыва па-над берагам.

Непадалёк ад суднаў, што сышліся на рэйдзе, ляжала белая прастора, на якой сям-там дыбіліся таросы. Лядовыя палі не набліжаліся да берага і не адступалі к поўначы, бо які ўжо дзень не было ветру. Як вартавыя, таросы заступілі шлях каравану, паступова адціснулі судны ў вялікую бухту.

Ахрэм Забалотны, боцман з «Хуткага», нязлосна памянуў чорта. «Хуткі» стаяў амаль апошнім у караване, і таму да прычала, куды павінны былі адвозіць муку, нават і на катэры — шлях няблізкі.

Але ж не гэта хвалявала Забалотнага. Непакоіла, што судны трапілі ў лядовую пастку. Хто яго ведае, калі караван зноў рушыць наперад. Мо яшчэ прыйдзецца і зазімаваць у гэтай незнаёмай бухце? Ці мала было такіх выпадкаў? А пайшоў Забалотны ў рэйс па сваёй асабістай дурноце. Неспадзявана атрымаў ліст ад былой жонкі і, як неразумны хлапчук, кінуў усё: спісаўся са свайго рыбалоўнага траўлера, на якім рабіў апошнія дзесяць гадоў, на гэты выратавальнік «Хуткі», дзе і зарплата небагатая, і экіпаж незнаёмы. Можа, і не спісаўся б так тэрмінова, але «Хуткі» быў адзіным суднам, якое ішло з Курылаў да Мурманска, адкуль прыслала пісьмо былая жонка. 3 горада, дзе ён некалі маладым ваяваў, а пасля дэмабілізацыі горача і апантана пакахаў дзяўчыну…

«А ці варта вяртацца туды, дзе перажыта столькі гаротнага і цяжкага, што ўдосталь хапіла б і на некалькі чалавек?» — падумаў Забалотны.

Ён ведаў, што крывіць душой, бо часта ўспамінаў Алену, і яна ўяўлялася яму такой жа прыгожай, як і трыццаць гадоў таму назад. У такія імгненні ў ягонай душы ўспыхвала рэўнасць. Да людзей, якія робяць разам з ёй, да таго ж самага Мурманска, дзе яна жыве. І толькі калі «Хуткі» ўвайшоў у палярныя воды, Ахрэм трохі супакоіўся.

Яму, боцману, спраў у моры хапала. I ён быў рады нялёгкай працы. Але непрадбачаная замінка ў дарозе зноў навеяла ўспаміны. Ахрэм думаў пра сваю былую жонку так, быццам яны толькі-толькі развіталіся. І гэтая думка была для яго невыносная.

Злавала і тое, што капітан судна, — звычайна мяккі і памяркоўны мужчына — на гэты раз забараніў сыходзіць на бераг. Ахрэм, хоць і быў гадоў на дзесяць старэйшым за капітана, пярэчыць не стаў. Падумаў, што той патроху адыдзе сам і ўсё паступова ўтрасецца. Але ішлі ўжо трэція суткі, як караван кінуў якар у бухце, і нічога не зьмянілася.

Ахрэм стаяў у хадавой рубцы і машынальна круціў штурвальнае кола. Гэта быў ужо чацвёрты рэйс за дзень. Пэўна, апошні. Засталося здаць на склад яшчэ колькі мукі і чакаць, пакуль падыдуць ледаколы.

Прывучаны беспярэчна выконваць загады, Забалотны не мог без дазволу схадзіць у пасёлак. Ведама, не надта хітрая справа знайсці гадзіну-другую, каб павітаць бераг, на якім будынін менш, чым на судне матросаў, але міналі дні, а ў пасёлак з дзіўнай для гэтых мясцін назвай — Сонечны — ён так і не схадзіў, хоць ужо некалькі разоў швартаваўся на катэры да прычала, каб здаць у партовы склад муку.

У рубцы было холадна. Ахрэм адчуў, як здранцвела цела, яго працінаюць агідныя дрыжыкі, нібы ў час аварыі. Хацелася хутчэй трапіць у склад, здаць муку, трохі павыскаляцца з жанчынамі — адагрэць душу.

Яшчэ ў першым рэйсе Ахрэм нагледзеў не маладую, але прывабную жанчыну. Спытаў у хлопцаў імя — Васіліна. Нічога асаблівага ў гэтай жанчыне ее было: трохі рабаватая, шыракаскулая, на лобе — танюсенькія маршчынкі, а скроні, як снегам, пасыпаныя першай сівізной. Але вочы былі маладыя — вялікія і шэрыя, нібы ў сонечны дзень мора. У іх, гэтых звычайных, але дзіўна выразных вачах адбівалася разам і стома, і радасць, і несхаванае жаданне падабацца. Гаварыла Васіліна напеўна, не спяшаючыся, быццам спявала нейкую пяшчотную і трохі самотную песню. Такія вочы і такі голас — Ахрэм аж уздрыгнуў — былі і ў Алены.

Цяпер Забалотны злаваў на сябе, што наняўся ў гэты рэйс. I чым бліжэй катэр падыходзіў да берага, тым мацней разгаралася пачуццё незадаволенасці. Гэтае пачуццё яшчэ больш узмацнілася, калі ў рубку завітаў Максім Хвалей, зусім яшчэ малады матрос, што, як жартавалі хлопцы, прышкандыбаў на флот, каб напоўніць «трал». Наогул Максім быў неблагі матрос — вясёлы, кампанейскі,— але Ахрэма злавалі ягоныя дагледжаныя вусікі: чарнявыя і тонкія. Такія вусікі некалі былі і ў Аленінага палюбоўніка…

«Дзіўна,— раптам падумаў Ахрэм,— ідзе час, а душа не супакойваецца. Ну вусікі як вусікі. Ды і не было тады яшчэ Максіма на свеце. Прыехаў хлопец зарабіць, дык хай сабе зарабляе…»

Ахрэма нават узрушыла, што гэтая думка — па сутнасці такая простая і бясспрэчная — не прыйшла да яго раней, а толькі цяпер на гэтым туманным і небяспечным рэйдзе.

— Што такі набычаны, боцман? — спытаў Максім,— Калі зноў па бабах сумуеш, дык кінь дурное, Ты, як кажуць, ужо даўно не зубр…

«Не зубр,— у думках пасміхнуўся Ахрэм.— Сам ты кілька ў таматным соусе…»

Ён разумеў, што Хвалей чапляе яго наўмысна, каб трохі павыскаляцца, а мо проста супакоіць нервы. Што ні кажы, а тырчаць у гэтай непрыгожай, зусім не сонечнай бухце было непрыемна. Ды яшчэ калі цябе не адпускаюць на бераг.

— Пра цябе, салаку, думаю,— неахвотна азваўся Ахрэм.— Пустога ў тваёй галаве, як пасля разгрузкі ў труме. На твой розум, дык мы ўсе тут роўныя: і старыя, і маладыя. Але калі, не давядзі божа, перакулімся, то акурат першы заенчыш на ўвось акіян…

Хвалей пакрыўдзіўся. Ягоны даўгаваты твар з маленькімі блакітнымі вачыма і носам-бульбінкай, над якім недарэчна тырчалі вусікі, спахмурнеў.

— На сваёй скуры паспытаў? — упікнуў ён.— А за мяне не хвалюйся: выплыву…

Ахрэм міжволі засмяяўся, бо яскрава ўявіў, як Хвалей будзе адчуваць сябе ў халоднай вадзе. Боцману гэтае адчуванне было знаёмае. I заўсёды, калі ён успамінаў пра тое, як яго змыла ў мора, рабілася жахліва. Гэта быў той агідны страх, які тоіцца ад чужых вачэй, але калі-нікалі пачынае біцца ў кожным нерве, у кожнай клетачцы.

Як увачавідку, зноў накаціліся цяжкія свінцовыя хвалі, тая густая бяззоркавая ноч, маленькія, бы кропелькі цыганскага дажджу, сігнальныя агеньчыкі карабля. Халадэча бязлітасна сціскала грудзі, супакойвала п’янаватым забыццём: здавалася, паволі апускаешся кудысьці глыбока-глыбока, дзе цябе чакае цеплыня і ўтульнасць. Не хацелася расплюшчваць вочы, калі ў іх зыркнула яркае святло. Ён не зразумеў — спачатку толькі адчуў,— як балючымі іголкамі да ягонага цела датыкаюцца незнаёмыя далоні, і тады паступова загарэлася ў свядомасці неспадзяванае і радаснае: «Не кінулі, знайшлі, не кінулі…»

Гэты малюнак з мінулага апаліў сэрца, і адразу прапала ахвота сварыцца з Хвалеем. А мо Ахрэм супакоіўся таму, што наперадзе феерверкам успыхнулі агеньчыкі.

— Вёска,— паказваючы рукой у бок пасёлка, сказаў ён.— За такія дагістарычныя краявіды нам павінны яшчэ і даплачваць. Гэта табе, боцман, не Монтэ-Карла…

На сваім вяку Ахрэм пабачыў нямала хлопцаў, якія любілі напусціць на сябе туман. Хвалей быў, відаць, з іхняй пароды. Яму набегла трохі больш за дваццаць, бо толькі нядаўна адслужыў абавязковую, а раней — Ахрэм гэта ведаў дакладна — жыў дзесьці на Палессі.

Тое, што Максім з пагардай загаварыў пра рыбацкі пасёлак, зноў узлавала Ахрэма.

— Монтэ-Карла… Забыў мянушку кароўкі, што паіла цябе малачком, і думаеш, стаў інтэлігентам? Памыляешся, хлопча. Прычал заўсёды ў чалавека адзін…

— У мяне свае прычалы…— зыркнуў Хвалей.

Пачуццё адзіноты агарнула Ахрэма. Нават тады, калі яго кінула Алена, такога не было. Горка, балюча — так, але бязлітаснага адчування сваёй адасобленасці ад людзей — ніколі. Каторы ўжо раз ён пашкадаваў, што спісаўся на «Хуткі», дзе ў яго няма сяброў, з якімі можна было падзяліцца сваімі думкамі.

Калі бераг быў ужо зусім блізка, Ахрэм нервова крутнуў штурвал, паменшыў хуткасць, і катэр няўклюдна ледзь не ўзлез бортам на дошкі. Тыя аж цяжка застагналі.

«Добра, што прычал стары,— з палёгкай уздыхнуў Забалотны.— Іншым разам давялося б лапіць дзіркі…»

Да склада было недалёка. Падняцца па нешырокай лесвіцы на пакатую сопку, і адразу — доўгая зялёная будыніна. Матросы пачалі ўжо разбіраць мяшкі з мукой. Ахрэму не было патрэбы цягаць гэтыя мяшкі, але тады — ён адчуваў — зноў прычэпіцца Хвалей.

Ахрэм убачыў, як хлопцы адзін за другім падымаюцца па лесвіцы, і таксама ўскінуў на плечы мяшок. Несці было не цяжка, але яго бянтэжыла думка, што ён нечага баіцца. Нават тое, што Хвалей, паслізнуўшыся на лесвіцы, паваліўся з мяшком, не пацешыла Ахрэма. Ён толькі прабурчаў: «Гэта табе не дурнем прыкідвацца…»

— 3 перапуду, боцман, далібог, з перапуду,— засмяяўся Максім.— Пасля такой рызыкоўнай швартоўкі можна і імя сваёй каханкі запамятаваць…

Ахрэм зрабіў выгляд, што не пачуў гэтых слоў. Ды і як было апраўдвацца, калі сам вінаваты. Ці ж раскажаш гэтаму балбатуну пра тое, што носіш у душы, падзелішся думкамі, якіх Хвалею ніколі не зразумець? Вось і даводзіцца цярпець моўчкі, каб хлопцы не маглі пакпіць з тваіх запозненых клопатаў.

У памяшканні склада было цёпла і так пахла хлебам, што міжволі разгарэўся апетыт. Скінуўшы з плячэй мяшок, Ахрэм азірнуўся: дзе Васіліна?

Ён нічога не ўбачыў, бо ў складзе панаваў змрок. Адзіную лямпачку, што нібы прыклеілася да столі, ахуталі сінія струменьчыкі мучнога пылу. Гэта напомніла Забалотнаму вясковую хату, у якой сабраліся старыя і пыхкаюць цыгаркамі самасаду. Ён падумаў, што больш ніколі не ўбачыць сваёй вёскі — ціхай, як летняя раніца; вузкай рачулкі, што мудрагеліста і няспешна вілася непадалёк ад хаты. Паміж дзяцінствам і гэтым, у незнаёмым рыбацкім пасёлку, днём нібы пралегла глыбокая бездань.

«Чаму чалавек не ведае цану сваёй маладосці? — тужліва падумаў Ахрэм.— Мне ж здавалася, што ніколі не надыдуць старасць, трывога, запозненыя клопаты. Ды і ці толькі аднаму мне?»

Ён балюча шукаў адказу на гэтае пытанне і не знаходзіў яго. Усё, што цяпер акружала яго, здавалася дужа нязначным і маленькім, як дарэмна пражыты дзень. I караван, які чакае ледаколаў, і склад, дзе трэба здаць муку, і трохі дурнаваты Хвалей — усё чужое і непатрэбнае. Адзінае, што яшчэ цікавіла,— Васіліна.