Алена Канстанцінаўна і сама тады не змагла б растлумачыць, чаму нікуды не пісала, не шукала Валянціна. Мабыць, таму, што ў душы ўжо даўно чакала мужавай здрады. Валянцін быў чалавекам настрою: то ласкавым, як кацяня, то ўзбуджаным, без прычыны раздражнёным. Тады ён папракаў дзіцем, бо з-за яе — Волечкі — не паспееш пажыць і для сябе. Выдумляў нейкія гастрольныя паездкі і на некалькі дзён знікаў. А яна даравала Валянціну — лічыла, што не мае на іншае права. Сустракала яго быццам у чымсьці вінаватая. I вось ён паехаў…
Усё ў душы нібы здранцвела. Адзінае, што прымушала жыць, патрабавальна клікала да сябе — дачка. Бялявенькая, з вялікімі, як у Валянціна, вачыма, яна стала для Алены Канстанцінаўны і болем, і радасцю. Волечка падрастала неспакойная, не па гадах разважлівая. Аднойчы — Алена Канстанцінаўна назаўсёды запомніла гэты дзень — Волечка вярнулася з дзіцячага сада задумлівая, бы нечым прыгнечаная. Доўга, па-даросламу засяроджана складвала ў кутку піраміду з кубікаў. Потым ціхенька — Алене Канстанцінаўне нават здалося, што ў голасе дачкі прагучала вінаватасць,— спытала:
— А мой татка капітан?
Яна глядзела на Алену Канстанцінаўну з такой непрыхаванай надзеяй, што тая, хоць і даўно чакала гэтага пытання, разгубілася. Няўжо прызнацца, што Валянцін спяваў у флоцкім ансамблі, што кінуў іх, з'ехаў з дачкой нейкага капітана першага рангу? Не, толькі не гэта. Як бы захінаючы Волечку ад усіх жыццёвых нягод, Алена Канстанцінаўна падбегла, моцна прыгарнула да грудзей, горача зашаптала: «Не, твой бацька плавае боцманам…»
— Ага, значыцца, ён марак,— радасна запляскала ў далоні дачка.
— Так, родненькая мая, марак…
Гэты неспадзяваны нават і для самой сябе падман прыгнятаў, сціскаў сэрца. Усю ноч яна варочалася на гарачым, як наўднёвы пясок, ложку. Слухаючы роўнае і, здавалася, радаснае дыханне дачкі, Алена Канстанцінаўна не адчувала палёгкі. Што яе чакае далей? Яна ў роспачы заплюшчыла вочы і раптам яскрава пачула густы Ахрэмаў голас: «Ну як справы, старая? Мо павячэраць дасі?..»
Так ён заўсёды вітаўся, калі прыходзіў з рэйса. А яна крыўдзілася: знайшоў старую!
Перад вачыма, як жывы, з’явіўся Ахрэм — шыракаплечы, у форменнай фуражцы, якую чамусьці заўсёды збіваў на патыліцу. Алена Канстанцінаўна памкнулася дакрануцца да яго рукой, паварухнулася, і Ахрэм адразу некуды знік. У бяссільнай горычы што-небудзь змяніць яна абхапіла галаву рукамі і так, каб не разбудзіць дачку, расплакалася. Ёй раптам адкрыўся сэнс сваёй здрады: яе пакінулі аднолькава лёгка, як і яна некалі пакінула Ахрэма.
Менавіта ў тую ноч яна і вырашыла напісаць Валянціну, каб ён дазволіў перавесці Волечку на яе прозвішча — Забалотная. Адказ прыйшоў хутка. Валянцін не пярэчыў. А праз некаторы час ад яго перасталі прыходзіць грошы…
Усё гэта Алена Канстанцінаўна ўспомніла, пакуль стаяла ў чарзе да бюро даведак. Яна падала тэлеграму ў акенца, за якім сядзела маладая густабровая жанчына. Тая няўцямна пакруціла ў руках тэлеграму, з іранічнай усмешкай вярнула яе Алене Канстанцінаўне.
— Вам, грамадзяначка, трэба не да нас звяртацца, а ў крымінальны вышук. У ёй жа няма ні нумара поезда, ні нават даты…
У чарзе нехта засмяяўся, і гэты недарэчны смех нібы сцебануў Алену Канстанцінаўну. Яна таропка адышла ад акенца. На пероне села на лаўку, зноў прачытала тэлеграму.
«Няўжо ён вырашыў паздзекавацца? Ды і я, мабыць, вар’ятка. Праз столькі гадоў яшчэ на нешта спадзявацца…»
Ахрэм захаваўся ў памяці простым і трохі скупым на пяшчоту. I не толькі на людзях, але і калі заставаліся адны. Вялікі і дужы, ён нібы баяўся зрабіць ёй балюча, пакрыўдзіць мужчынскай настойлівасцю. Але ёй падабалася ягоная маўклівая грунтоўнасць, як і сарамлівыя пацалункі. Тады душа напаўнялася чаканнем чагосьці невядомага, што выпадае на долю не кожнай жанчыны. «А ён у мяне самы лепшы…» — у такія імгненні, якіх было няшмат, думала Алена Канстанцінаўна.
Пасля рэйса Ахрэм доўга прывыкаў да яе, хадзіў па пакойчыку асцярожна, як бы здзіўляўся хатняй утульнасці, і ў яе з’яўлялася гарэзлівае жаданне прытуліць мужа да грудзей, шапнуць, што старалася для яго і яна таксама толькі ягоная…
Яна рабіла выгляд, што не крыўдзіцца, калі Ахрэм сярод ночы збіраўся на траўлер. «Ты ўжо даруй, старая,— вінатава апусціўшы галаву, апраўдваўся ён.— У маіх матросаў няма такіх прыгожых жонак. Дык я пасачу за імі, каб не нарабілі глупства…»
Ён ішоў, а яна чакала. Гэтае чаканне не было такім салодкім, як пра гэта пісалі ў кніжках, а маўклівым і горкім: «Мо я і не патрэбна яму?..»
Толькі пазней, калі ад яе збег Валянцін, Алена Канстанцінаўна з адчаем зразумела, што не навучылася ці проста не хацела чакаць. Тады няўмелыя Ахрэмавы пацалункі, яго густы, бы карабельны звон, бас успаміналіся як лепшае ў жыцці, як шчыры падарунак за жаночую вернасць.
«За вернасць…— куточкамі вуснаў горка ўсміхнулася Алена Канстанцінаўна.— Якая ж вернасць, калі з’явіўся Валянцін?..»
Адчуўшы, што зусім змерзла, яна ўстала з лаўкі.
Над горадам, над залівам, над сопкамі павіс чорны парасон ночы. Густая цемра, як ліпкі мазут, расплылася па плошчы. Ноч быццам праглынула людзей. Амаль нікога не было на станцыі таксі, зачыніліся кіёскі, і толькі насупраць у магазіне сноўдалі пакупнікі.
Алена Канстанцінаўна заспяшалася ў магазін. Не хацела, каб раней за яе вярнулася дадому дачка. Тады будзе злаваць, што няма чаго павячэраць, і глядзець спадылба, нібы дзіця, у якога забралі цацку.
Вячэра ўжо даўно астыла, а Вольга ўсё яшчэ не прыходзіла. Алена Канстанцінаўна стаяла ля шырокага акна і глядзела на машыны, якія, разразаючы цемру, праносіліся міма. Дачка, калі затрымлівалася на рэпетыцыі, часта вярталася на таксі.
Гэта непакоіла Алену Канстанцінаўну. Неяк яна паспрабавала дапытацца ў Вольгі, хто яе праводзіць дадому. Тая паглядзела на яе з нямым дакорам.
— Ці ж я вінавата, што ты не знайшла сапраўднага мужчыну?
Алена Канстанцінаўна згадала Валянціна, які яшчэ тады, калі не прадавалі машын, толькі марыць мог займець хоць нейкі трафейны матацыкл,— і не знайшла, што адказаць.
Цяпер яна стаяла ля акна і адчувала, як трывожна б’ецца сэрца. Нават калі пачула, што ля пад’езда віскнула тармазамі таксі, на душы не палягчэла.
Раздзел трэці
У няяркім трапяткім святле ракет, што раз-пораз узляталі з суднаў, за бортам «Хуткага» ўзнікалі на лёдзе фантастычныя малюнкі: нейкія вежы з вусамі маржа, нешта падобнае на казачныя хаткі, разгалістыя дрэўцы.
Удалечыні сноўдалі маленькія фігуркі падрыўнікоў. Яны то вынырвалі з цемры, то зноў знікалі, і ад гэтай бязладнай мітусні верзлася, што хлопцы штурмуюць нейкую нябачную вяршыню
3 мегафонаў даносіліся адрывістыя каманды: хтосьці незласліва лаяўся, хтосьці дакладваў, што ў яго поўны парадак,— і ўсе гэтыя ўстрывожаныя гукі спляталіся ў нябачны клубок, які каціўся ад судна да судна.
Ніякіх распараджэнняў Забалотнаму не паступала. Аднак на ўсякі выпадак ён сабраў на палубе матросаў.
Максім адразу ўзлез на кнехт, паклаў нагу на нагу. Па ягоным твары бегалі палахлівыя водбліскі.
— Дзівак у чымсьці — чалавек,— уздыхнуў Худалей.— Нават калі кожны з нас быў бы геніям, усё роўна мы — нікчэмныя карлікі перад прыродай. У Каліфорніі, перадавалі, страшэнная засуха, у Іспаніі — паводка, а ў нас — во гэтыя льды. А чалавек лунае пасярэдзіне сусвету. Хоць, можа, і не назіральнік, але ж, хлопцы, і не ўладар… Арэ поле, тушыць пажары і будуе ледаколы… А тут бац — землетрасенне ці нейкі метэарыт прарвецца да зямлі…
— Ты выпадкам не збег адтуль?..— пакруціў пальцам ля скроні нехта з матросаў.
— Збег. Але пра гэта другім разам. Калі нам выдадуць пасведчанні, што мы прайшлі Арктыкай...
— За твой язык наўрад ці…
— Сціхні, божая кароўка,— адмахнуўся Максім.— Гэтым пасведчаннем будзеш ганарыцца, як медалём «За адвагу». I не таму, што праявіў реройства, проста паспытаў таго, што не кожнаму выпадае. А чалавек таму дзівак, што нават самая жудасная з’ява яго не толькі палохае, але і цікавіць. Вось і мяне цікавіць, чаму днём у Арктыцы лёд блакітны, а снег белы… I, можа, я пра гэта ніколі не задумаўся б, калі б не трапіў да Ахрэма Піліпавіча Забалотнага… Пабыў з ім і зразумеў: зямля не можа быць пакрыта цалкам лёдам і снегам — памрэ цывілізацыя. Вось таму,— ён засмяяўся,— побач з боцманам-таросам на судне яшчэ і я — маленькі сонечны зайчык…
Жарт атрымаўся трохі абразлівы. Ахрэм не ведаў, ці то шумнуць на Максіма, ці то прамаўчаць. Але тут яго паклікалі на хадавы мосцік.
Капітан, у накінутым на плечы кіцелі, размаўляў па радыётэлефоне.
— Я ж не шах персідскі, каб нагабляваць у гарэме дзесяць падрыўнікоў,— даводзіў ён некаму.— Нас у апошні момант уключылі ў караван. Ну так… Падвялі забеспячэнцы. Дабро. Будзе зроблена!
Паклаўшы на рычаг трубку, капітан паскроб пальцамі падбародак.
— Чуў?
Ахрэм прамаўчаў.
У тым, каб паслаць на падрыўныя работы дзесяць чалавек, ён не бачыў нічога незвычайнага. Прыцісне, дык і ў адным нацельніку пабяжыш. Пяць хлопцаў з пешнямі, пяць закладваюць зарады. Простая арыфметыка.
Яму згадаўся франтавы сябра Мікола-музыкант: хударлявы, з вялікімі і зялёнымі, нібы ў сібірскай кошкі, вачыма; увесь — бы клубок нерваў. Тады разам з дэсантам іх паслалі захапіць маленькі астравок у Баранцавым моры. Ды і які там астравок: плюнь — не трапіш.
«А як хоць называўся той астравок? — падумаў Ахрэм. Яму стала ніякавата, што ён не можа ўспомніць, дзе загінуў Мікола.— Дык як жа ён называўся?»
Ахрэм убачыў, што капітан зноў узяўся за радыётэлефон, і ўздыхнуў з палёгкай: зараз ён абавязкова ўспомніць. Так, Нардву… Кілпві… Гэта ўсё ў той год, калі загінуў Мікола. А трэці астравок як? Але на гэты раз памяць не адгукалася.
Тады ён быццам загаварыў з Міколам: яшчэ з жывым Міколам-музыкантам. Дзіўна, але Мікола не меў ніякага музычнага таленту і не ўмеў іграць ні на адным інструменце. Ды што там іграць: усе інструменты ён называў аднолькава лаканічна — «музыка».
Міколу на трафеі «шанцавала». Як вернецца з разведкі, абавязкова прыцягне нейкую музычную штуковіну. Збяруцца хлопцы, а ён стаіць пасярод грота, збянтэжана круціць у руцэ трафейны агрэгат і, быццам апраўдваючыся, расказвае: