Бухта адзінокага чалавека — страница 9 из 24

— Толькі ты цяпер першы. Двойчы лёс не выпрабоўваю,— засмяяўся той. Ён падаў Ахрэму пешню.— Калі што, клікні матку боску. Дапаможам…

Яны скіравалі трохі ўбок ад трэшчыны. Падсвечваючы сабе ліхтарыкам, Ахрэм асцярожна абмінаў невялічкія таросікі. Максім моўчкі валокся следам. Паступова трэшчына пачала звужацца, спачатку ледзь прыкметна, а потым усё відней і відней і нарэшце, быццам наканечнік стралы, увайшла ў белае цела. На ўсякі выпадак яны прайшлі яшчэ трохі.

Неўзабаве ўдалечыні Ахрэм убачыў кволыя неспакойныя зорачкі. Яны, пагойдваючыся, плылі ў паветры. Прыглядзеўшыся ўважлівей, Забалотны зразумеў: зорачкі-светлячкі плывуць адна да другой — пэўна, у гурт збіраюцца падрыўнікі.

«Здаецца, усё абышлося…» — з палёгкай падумаў ён.

У яго з’явілася такое адчуванне, якое можа прыйсці толькі да чалавека, які перажыў жорсткі шторм, калі кожная хваля, што накочваецца на карабель, здаецца апошняй: чуеш, як яна жалобна, нібы па нябожчыку, скуголіць — і лезе ў галаву, што гэта адпяваюць цябе самога. Удосталь нагуляўшыся, мора патроху супакойваецца, вінавата туліцца да борта, а чалавек ніяк не можа паверыць, што застаўся жывы. Бачыш сцішаны акіян, спелае сонца ў шэрай вадзе, і цябе ахонлівае хмельная, крыху гаркавая радасць — сапраўды жывы!..


Падобнае Ахрэм перажыў, калі, прыхапіўшы абшарпаны чамаданчык, сеў у цягнік, сам яшчэ добра не ведаючы, што будзе рабіць на тых Курылах. Гэты цягнік нейкі барадаты мужчына ахрысціў «мільёнам слупоў». Цягнік больш стаяў, нібы стомлены конь, чым рухаўся. Пасажыраў такая марудлівасць нервавала, а Ахрэм адчуваў прытоенае задавальненне: яму не было куды спяшацца.

На пятыя ці шостыя суткі ў вагон падсела яшчэ зусім маладая жанчына а пагонамі старшыны. Паставіла на падлогу чамадан, кінула на паліцу рэчавы мяшок і падалася ў тамбур. Забавілася жанчына ненадоўга: вярнулася ў вагон, асцярожна падтрымліваючы пад руку маёра, які цяжка, абапіраючыся на мыліцу, валок па падлозе дзеравяшку. Маёру аслабанілі месца, і ён моўчкі апусціўся на паліцу, жорстка ссунуў па пераноссі бровы.

Відаць, яму шчасціла на вайне, гэтаму чорнавалосаму маёру. На ягоных хударлявых грудзях цьмяна блішчэлі ордэны і медалі. Чырвонай Зоркі — аж тры.

3 патаемнай трывогай Забалотны сачыў за жанчынай, і яму не давала спакою хваравітая цікаўнасць: кім яна даводзіцца гэтаму маёру? Мо медыцынская сястра, якая суправаджае са шпіталя, а мо служылі ў адной часці ці проста выпадковая спадарожніца, якую кранула трагедыя незнаёмага чалавека.

Ноччу Ахрэм доўга не мог заснуць. Чуў, як у забыцці скрыгатаў зубамі і лаяўся маёр, прасіў нейкага Сцяпана вярнуць яму пісталет: іначай той пойдзе пад трыбунал. Жанчына цяжка ўздыхала, падыходзіла да маёра, папраўляла пад галавой рэчавы мяшок і зноў накрывала шынялём.

Уранні маёр пацішэў: ягонае дыханне стала роўным і спакойным, як у малога, што ўбачыў у сне штосьці радаснае і добрае. Ахрэм асцярожна злез з верхняй паліцы і выйшаў пакурыць у тамбур. У жалезнай печцы весела скакалі ружовыя языкі, лізалі дзверцы, але было холадна, як на вуліцы. Вокны, дзверы, далей ад печкі,— усё заінела, быццам у тамбуры пагуляла добрая завіруха.

За спіной прастуджана зарыпелі дзверы. У тамбур выйшла маёрава спадарожніца.

— Закурыць знойдзецца? — спытала яна хрыплаватым голасам, у якім чулася стома.

Ахрэм падаў пачак папярос, запалкі. Жанчына няўмела прыкурыла, зацягнуўшыся дымам, пакутліва зморшчылася.

— Дзе гэта яго? — не вытрымаў Ахрэм.

— У Германіі,— ціха азвалася жанчына.— Франтавыя сябры ўгаварылі вяселле справіць. Каб па-людску было: канец ліхалецця — пачатак шчасця… Ужо і за стол сабраліся, а Сяргей па кветкі ў лес пайшоў. I падарваўся… Божухна, як усё гэта жудасна: ну была вайна, а цяпер?..

Жанчына нервова выкінула папяросу, схавала твар у каўнер шыняля.

— Не ведаю, што і рабіць далей,— зноў загаварыла жанчына.— Хто я цяпер для яго? Проста франтавая сяброўка. Перажывае сваё калецтва. А не разумее таго, дурань, што не жыць мне без яго. Абое мы вайной скалечаныя…— Яна спахапілася, што залішне шчыра размаўляе з незнаёмым чалавекам, але зноўку не вытрымала, адарвала ад сэрца:— Бяжыць ад людзей. I я з ім. Але ж куды ад людзей збяжыш?

Жанчына адчыніла дзверы і падалася ў вагон. Ахрэм яшчэ трохі пастаяў у тамбуры, вярнуўся на сваю паліцу.

Сон да яго так і не прыйшоў. Толькі калі ўжо развіднела, ён, здавалася, на імгненне праваліўся ў бездань, а калі прачнуўся, ні маёра, ні яго спадарожніцы ў вагоне не было.

— Дзе яны? — спытаў ён у чорнабародага мужчыны.

— Праспаў ты, хлапец, прадстаўленне. Тут такое рабілася, што не давядзі гасподзь. Маёр гэты ўбачыў, што дзеўка трохі прыкімарыла, і падаўся крадком з вагона. На нейкім паўстанку. Хрэн яго ведае, як называецца той паўстанак. Ну а салдат у спадніцы прадзёрла вочы і як загалосіць, бы галодная тыгрыца… Нават рэчавы мяшок забыла, ды і пад колы ледзьве не трапіла, дурніца. Далёка ад такой драпежніцы на адной назе не ўцячэш… Ведама, маёр. А суцешыцца з кім яна сабе знойдзе…— Чорнабароды ўзяў з лаўкі мяшок, узважыў яго на руцэ: — Хлопцы, давай бабскія транты ўсляпую…

— Змоўкні, гад,— вырвалася ў Забалотнага.— Не трапіў ты мне з фрыцаўскага боку. Я табе нарабіў бы дзірак… А цяпер, пакуль не позна, каб паху твайго не было…

— Дык пажартаваў я, браток. 3 кім не бывае…— заенчыў той.

Ахрэм знайшоў правадніка. Аддаў рэчавы мяшок.

— Перадай на наступнай станцыі. Франтавічка забылася…

Яму хацелася ў гэты момант думаць добра пра ўсіх жанчын, але ён успомніў Алену, і адразу зачараванне ад жаночай вернасці знікла. I як толькі, нібы ў ранішняй смузе, растаў твар маёравай спадарожніцы, Ахрэм, зноў адчуў сябе глыбока няшчасным, як параненым, адзінокім чалавекам.


Забалотны ніколі не думаў, што калі-небудзь успомніць той даўні падарожны эпізод, быццам перажывае мінулае зноўку. Пэўна, адбівалася на настроі чорна-белая пустэча, у якой яны з Максімам, здавалася, засталіся ўдвух.

— Гэй, з «Хуткага»! — пранізліва закрычаў Хвалей,— Ляціце, бацманяты, да бацькі: вячэра на камбузе стыне!..

«Хто пра што, а Максім пра вячэру, хоць ужо час сняданку,— паківаў галавой Ахрэм.— Шанцуе ж людзям: ідучы за труной, могуць думаць пра памінкі…»

Услых сказаў іншае:

— Што ты квохчаш, як капітан на мосціку? Не малыя, самі дарогу знойдуць.

Але ж не супакоіўся, на душы свярбела. Раптам з-за таросаў секанулі промні ліхтарыкаў.

— А мы ўжо, грэшныя, думалі, вы з Хвалеем ірванулі ў пасёлак,— пачулася жартаўлівае.— Дык на ўсякі выпадак засаду зрабілі…

Ахрэм паглядзеў у бок каравана, які расцягнуўся ўздоўж бухты нізкай кволых агеньчыкаў, потым сказаў Максіму:

— Ніякай у цябе павагі да старых няма. Так ухапіў за нагу. А што, калі б я галаву разбіў?

— А ты ведаеш, Піліпыч, як загінуў «Тытанік»? — іранічна прыжмурыў вока Максім.

— Мы нават некалі ў раёне катастрофы рыбу лавілі. 3 поўнага ходу — на айсберг. Добрая тысяча чалавек на корм акулам пайшла…

— Правільна,— падхапіў Максім,— але ж такога магло і не быць. Не павінна было. Вахтавы афіцэр спытаў у назіральніка, што той бачыць наперадзе… «Айсберг. Проста перад намі, сэр». I што, ты думаеш, адказаў вахтавы? «Дзякую»,— адказаў. А праз некалькі хвілін судна ўдарылася бортам аб тую ледзяную скалу. Дык вось, Піліпыч, у мяне не англійская вытрымка. Спачатку дзейнічаю па абставінах, а потым тлумачу, навошта гэта зрабіў, Ты хацеў, каб было наадварот?..

Ён насмешліва шморгнуў носам-бульбінкай. Зноў выслізнуў, нібы вужака…


Мінула ноч і яшчэ дзень, а караван усё не кранаўся з месца. Ахрэм і сам не зразумеў, калі ў яго з’явілася жаданне завітаць у пасёлак. Можа, у час вячэры ў разамлелай цеплыні кают-кампаніі. Ці трохі пазней, пасля таго як даведаўся, што ледаколы падыдуць толькі ўранні.

Ён ведаў, што падманвае самога сябе: клікаў не рыбацкі пасёлак, а Васіліна. Яму ўспомніліся яе шэрыя задумлівыя вочы, трохі рабаціністы твар, мяккі напеўны голас. Глыбокі смутак па жаночай пяшчоце агарнуў яго.

Каб не сутыкнуцца з вахтавым, Ахрэм спусціўся на лёд па вераўчанай лесвіцы — здалося, яшча рапей ведаў, што калі-небудзь прыдзецца пакідаць «Хуткі» крадком. Па схіле сопкі, бы па вінтавой лесвіцы, лезлі ўгору гнёзды-хаткі. Яны пазіралі на бухту падслепаватымі вочкамі. Раптам у адной з хатак пагасла акно, і адразу хатка некуды знікла.

«Мо Васіліна пагасіла святло,— падумаў Забалотны.— Во ёлуп! Пажартавала кабета, а ты, сівы бадзяга, паверыў. Каб яшчэ не было ліста ад Алены, які прымусіў кінуць усё і перціся, а так…»

Ён і не заўважыў, як апынуўся ў тупіку. За апопшяй хатай, што быццам прыклеілася да валуна, як вартавы, стаяла крутая сопка. 3 боку ад яе разбегся асветленымі астраўкамі караван. Там, вакол суднаў, лютавала зіма, а тут, наверсе, яшчэ панавала восень.

У хаце бразнулі дзверы, і праз нейкі час на вуліцу выйшла жанчына. Хавацца было няёмка. Ахрэм падаўся насустрач, спытаў:

— Дзе тут жыве Васіліна Соблік? Здавалі па склад муку, а накладныя няправільна аформілі. Цёмна, вось і збіўся з дарогі…

— У цемры толькі злодзеі ходзяць,— падчапіла жанчына, але паказала: — Вунь ніжэй. Чацвёрты дом ад мяне будзе.

Адчуваючы, як спіну свідруе цікаўны позірк, Ахрэм таропка пачаў спускацца ўніз.

«Хай яны гараць, такія госці…» — у думках вылаяўся ён.


Раздзел восьмы


Ігнат не прыходзіў цэлы тыдзень, і Вольга пачала непакоіцца. Яна ўспамінала той вечар, калі пасля канцэрта яны прыйшлі дадому. Маці крыху нездаровілася, але гэта не пашкодзіла весялосці. Ігнат расказваў розныя гісторыі з жыцця курсантаў: так смешна імітаваў галасы сяброў, што нават маці смяялася да слёз.

Потым Вольга праводзіла Ігната на прыпынак тралейбуса. Сама, як толькі выйшлі на лесвічяую пляцоўку, абхапіла яго за шыю, горача і моцна — яна ніколі раней не думала, што ёй не будзе сорамна,— пацалавала. Яны доўга не маглі развітацца, стаялі на прыпынку, і Вользе здавалася, што час спыніўся.

Калі яна вяряулася дадому, маці яшчэ не спала. Сядзела па канапе панурая і стомленая.