Ачуўся Ракса ў вялікім памяшканні з паўкруглым скляпеннем. У вочы, прымушаючы жмурыцца, біла яркае святло.
Мужчына зрабіў спробу прыкрыць вочы рукой і са здзіўленнем усвядоміў, што не ў стане паварушыцца: рукі, ногі, грудзі і лоб апярэзвалі мяккія, але трывалыя рамяні.
Ля ложка стаялі двое. Відавочныя негуманоіды.
Істоты з цікавасцю разглядалі Раксу і перагаворваліся паміж сабой на свісцячай мове.
— Вызваліце мяне!
Негуманоіды перазірнуліся, пасля чаго сінхронна сціснулі залацістыя абручы.
— Гэта для вашай жа карысці! — у голасе звінеў метал.
— Я патрабую, каб вы неадкладна знялі з мяне рамяні і вярнуліся за Сняжанай!
— Адказ адмоўны!
— Калі вы не вернецеся, яна памрэ ад асфіксіі! У яе вось-вось скончыцца кісларод!
— Адказ адмоўны! Біялагічная небяспека — унутры самкі знаходзіцца чужая форма жыцця.
— Што? — Ракса не адразу зразумеў, пра што ідзе гаворка. А калі да яго дайшоў сэнс, вочы камандзіра «Непатрабавальнага мула» шырока раскрыліся ад жаху.